МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ ФЕСТЫВА́ЛЬ БЕЛАРУ́СКАЙ ПЕ́СНІ І ПАЭ́ЗІІ рэспубліканскі фестываль бел. эстр. песні і паэзіі. Праводзіцца з 1993 штогод у г. Маладзечна Мінскай вобл.
(у 1995 адбыўся ў Мінску). Мае на мэце выяўленне таленавітых маладых спевакоў і інструменталістаў, кампазітараў і паэтаў. У праграмах фестывалю конкурсы маладых выканаўцаў, канцэрты сучаснай бел. песні, джаза, поп- і рок-музыкі. Сярод удзельнікаў: Дзярж. аркестр сімф. і эстр. музыкі (дырыжор М.Фінберг),
вак.-інстр., вак. і фальклорныя ансамблі «Песняры», «Верасы», «Сябры», «Камерата», «Карусель-2», «Бяседа», «Раство», рок-гурты «Крама», «Мроя», «Новае неба», «Палац», «Уліс» і інш., вядучыя выканаўцы Беларусі, у т.л. В.Вуячыч, В.Дайнэка, Т.Раеўская, А.Ярмоленка і інш. У рамках фестывалю праводзяцца творчыя вечары бел. кампазітараў, сольныя канцэрты бел. спевакоў, аўтарскія вечары і творчыя сустрэчы з бел. пісьменнікамі. Прайшлі прэм’еры опер-песень І.Паліводы «Беларушчына» (на словы Я.Купалы) і «Матчын спеў» (паводле твораў А.Куляшова), канцэрты дзярж. акадэмічных нар. аркестра і нар. хору Беларусі.
Л.В.Ляшчэвіч.
т. 9, с. 554
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)